Сырыя высылае паслоў заходніх краін

У цэнтры Хулы

Улады Сырыі абвясьцілі аб высылцы паслоў некалькіх заходніх дзяржаў, у тым ліку ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, абвясьціўшы іх пэрсонамі нон-грата.
Раней – пасьля масавага забойства мірных жыхароў у сырыйскім паселішчы Хула некалькі тыдняў таму – ЗША і іх саюзьнікі выслалі сырыйскіх паслоў і іншых дыпляматаў.

У краіне працягваюцца збройныя сутыкненьні паміж урадавымі сіламі і праціўнікамі прэзыдэнта Башара Асада. Напярэдадні паўстанцы з Свабоднай сірыйскай арміі заявілі, што больш ня маюць намеру прытрымлівацца мірнага пляну міжнароднага пасланца Кофі Анана – у сувязі з парушэньнем замірэньня з боку ўрадавых войскаў.

Паведамляецца, што за апошнія некалькі дзён у сутыкненьнях загінулі як найменей 80 вайскоўцаў. Такія дадзеныя прыводзяць і афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва, і апазыцыя. Баі ідуць у правінцыях Хомс і Ідліб.

У чацьвер апошнія падзеі ў Сырыі на закрытым пасяджэньні абмяркуе Рада Бясьпекі ААН.