У Горадні — выстава ў гонар Янкі Купалы

Вулічны плякат купалаўскай выставы

Выстава адкрылася ў рамках Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур.
Яе назва: «Кветкі ўсіх народаў у вянок Купалы. 130 год з дня народзінаў Янкі Купалы». Адкрыцьцё адбылося ў прыватнай галерэі «Крыга», дзе выстаўленыя карціны гарадзенскіх аўтараў з купалаўскай тэматыкай і творы з фондаў Саюзу мастакоў з Менску.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна зьвярнула ўвагу на працу гарадзенца Сяргея Грыневіча, які намаляваў чатыры партрэты Янкі Купалы. На апошнім выява нібы раствараецца, зазначыла яна.

Сяргей Грыневіч

Сяргей Грыневіч патлумачыў нашаму Радыё: «Я для сябе выяўляў Купалу, каторы сапраўды раствараецца ў цемры ці можа зьнікае, памяць пра яго. Можа гэта адлюстраваліся ў мяне асацыятыўна. Тыя дзьве спробы суіцыду, прычым другая аказалася ўдалай. І колер я выбраў такі, каб падкрэсьліць трагічнасьць гэтай постаці і нашай гісторыі. Таму што яна вельмі супярэчлівая была ў апошнія гады. Шмат спрэчак наконт яго, асабліва сярод літаратараў. Я думаю, нялішне, калі й мастакі скажуць сваё слова».

Гарадзенскі мастак удакладніў, што прытрымліваецца менавіта вэрсыі аб суіцыдзе Янкі Купалы: «Я думаю, што першую спробу, якая была, — гэта напэўна ён сам зрабіў. А калі чалавек схільны, то другая спроба заўсёды становіцца выніковай. Мне здаецца, ён быў у такой дэпрэсыі, што быў пазбаўлены роднай зямлі, бо ішла вайна. Таму мая вэрсыя такая. Я ня ведаю, я не літаратуразнаўца, але гэта асобная гісторыя, аб ёй можна спрачацца, але я лічу, што ён скончыў самагубствам. Тым больш там была балюстрада амаль паўтара мэтры... Можа й дапамаглі, але прынамсі ён невыпадкова туды кінуўся...»

На адкрыцьці купалаўскай выставы выступалі прадстаўнікі абласных аддзяленьняў абодвух саюзаў пісьменьнікаў.

Выступае прафэсар Аляксей Пяткевіч, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў



На выставе — першы з чатырох партрэтаў Янкі Купалы аўтарства Сяргея Грыневіча