Томіслаў Нікаліч склаў прэзыдэнцкую прысягу

У Сэрбіі адбылося першае паседжаньне парлямэнту краіны — скупшчыны, дэпутаты якога былі абраныя на галасаваньні 6 траўня. Перад парлямэнтарамі прысягнуў новаабраны прэзыдэнт краіны Томіслаў Нікаліч.
Томіслаў Нікаліч абавязаўся прыкласьці ўсе сілы дзеля захаваньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Сэрбіі, з Косавам у яе складзе. Гэтай прысягай пачаўся яго пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін. Урачыстая цырымонія ўступленьня Нікаліча на пасаду пройдзе 11 чэрвеня.

Чакаецца, што новы прэзыдэнт афіцыйна дасьць даручэньне скласьці ўрад свайму нядаўняму суперніку — былому кіраўніку дзяржавы Борысу Тадзічу. Нікаліч перамог Тадзіча ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў траўня, набраўшы прыкладна на 2% больш галасоў.

Нягледзячы на тое, што нацыяналістычная Сэрбская прагрэсіўная партыя Томіслава Нікаліча на парлямэнцкіх выбарах апярэдзіла Дэмакратычную партыю Борыса Тадзіча, у яе няма шанцаў стварыць кіроўную кааліцыю.