У Тбілісі – масавы апазыцыйны мітынг

У Тбілісі ў нядзелю прайшоў мітынг, арганізаваны апазыцыйнай кааліцыяй «Грузінская мара». У акцыі прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Георгі Кабаладзэ, плошча Свабоды ў цэнтры грузінскай сталіцы была цалкам запоўненая. Напярэдадні лідэры кааліцыі «Грузінская мара» заявілі, што шматтысячным мітынгам апазыцыя пачынае перадвыбарную кампанію. З гэтага часу аж да кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў апазыцыйная кааліцыя будзе штотыдзень праводзіць акцыі як у сталіцы, так і ў рэгіёнах краіны.

Выступіўшы на мітынгу, лідэр кааліцыі, мільярдэр Бідзіна Іванішвілі сказаў, што пачынае барацьбу за «адзіную, дэмакратычную Грузію» і «мае намер вывесьці краіну зь гістарычнага тупіку, у якім яна апынулася». Са словаў апазыцыянэра, для ажыцьцяўленьня гэтых мэт неабходна зьмяніць уладу, перамогшы на парлямэнцкіх выбарах. «Нас ніхто ня зможа спыніць», – усклікнуў Іванішвілі пад бурныя аплядысмэнты прысутных.

Да мітынгу далучыліся іншыя апазыцыйныя лідэры. У тым ліку экс-сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. Ужо праз паўтары гадзіны ўдзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца. Мітынг быў санкцыянаваны ўладамі і завяршыўся без эксцэсаў. На вялізнай плошчы, дзе праходзіла акцыя, не было воднага паліцэйскага ў форме.

Your browser doesn’t support HTML5

Мітынг у Тбілісі