Сырыя: пасьля нападу ўрадавых войскаў знойдзена 30 забітых дзяцей

Урадавые войскі бамбардуюць апазыцыйны горад Растан. Кадр зь відэа, выкладзенага ў інтэрнэт 23 траўня, 2012

Паўстанцкая Сырыйская свабодная армія заявіла, што больш ня можа датрымліваць замірэньне
Сырыйскія праваабаронцы абвясьцілі сёньня дзень жалобы па загінулых цывільных грамадзянах у горадзе Хоўла, дзе міжнародныя назіральнікі знайшлі сёньня целы прынамсі 90 чалавек, у тым ліку 32 дзяцей. Целы забітых былі знойдзеныя пасьля нападу ўрадавых войскаў.

Жыхары Хоўлы закідаюць міжнародным назіральнікам, што тыя маглі прадухіліць масакру, але ня сталі гэтага рабіць – адмовіўшыся прыехаць у горад уначы – адразу пасьля таго, як мясцовыя актывісты патэлефанавалі ім і паведамілі аб нападзе.

Кіраўнік місіі ААН у Сырыі генэрал Робэрт Муд назваў масавае забойства ў Хоўле "непрабачальным".

Міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс заявіў, аб намеры найбліжэйшым часам арганізаваць у Парыжы сустрэчу групы «сяброў Сырыі", у якую ўваходзяць шэраг арабскіх і заходніх краін.

Паўстанцкая Сырыйская свабодная армія заявіла, што больш ня можа датрымліваць замірэньне, прадугледжанае плянам міжнароднага пасланца Кофі Анана, калі Рада бясьпекі ААН не гарантуе бясьпекі цывільнага насельніцтва.