Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
НАДВОР'Е
Пахмурна, але цёпла: +18.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:
26 траўня ў Менску ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца ўзнагароджаньне пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2011», а таксама адкрыецца выстава фотаздымкаў удзельнікаў конкурсу. Пачатак а 18 гадзіне.
У Гальшанах на Гарадзеншчыне пройдзе фэст рыцарскай культуры «Гальшанскі замак».
У Гомелі ў канфэрэнц-залі гатэлю «Турыст» – публічная лекцыя Сяргея Харэўскага «Беларусь 21 ст.: наша новая ідэнтычнасьць».
У суботу ў вечаровым эфіры Свабоды «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — эсе пра Івана Шамякіна. А ў нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Сяргей Навумчык абмяркоўвае падабенствы і адрозьненьні палітычнай і моўнай сытуацыі ў Беларусі і ва Ўкраіне. Удзельнічаюць: з Кіеву – публіцыст Віталь Портнікаў, зь Менску – палітоляг Уладзімер Роўда.
У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:
26 траўня Грузія адзначае Дзень аднаўленьня незалежнасьці. Грузінскі сувэрэнітэт абвясьцілі ў 1918 годзе, аднавілі ў 1991-м.
У апошнюю суботу траўня (сёлета – 26.05) Баранавічы адзначаюць дзень гораду (год заснаваньня 1871).
26 траўня – фінал Эўрабачаньня. Беларускія ўдзельнікі, «Lightsound», у фінал ня выйшлі і зьбіраюцца 26 траўня, «калі стануць вядомыя вынікі галасаваньня і журы, і гледачоў па кожнай краіне, вывучаць іх, каб зразумець, што здарылася».
***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажэце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашлеце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
26 траўня
1863 – у баі ля вёскі Парэчча (цяпер Талачынскі раён) загінуў Генрык Дмахоўскі, скульптар, удзельнік паўстаньняў 1830–1831 і 1863– 1864 г.
1926 – заснаванае Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне «Ўзвышша» (дзейнічала да сьнежня 1931 г.).
1976 – у Менску ўстаноўлены мэмарыяльны знак у гонар Тараса Шаўчэнкі.
1977 – памёр Янка Пачопка, паэт, фальклярыст. Пахаваны ў в. Малінаўка Глыбоцкага р-ну.
27 траўня
1835 – нарадзіўся Антон Трусаў (г. Барысаў), адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 г. Памёр каля 1886 г.
1871 – у Францыі вэрсальцамі расстраляны Канстанцін Далеўскі, удзельнік паўстаньня 1863–1864 г., які пасьля паразы далучыўся да парыскіх камунараў.
1900 – нарадзіўся Ўладзімер Жылка, паэт, перакладчык, публіцыст.
1943 – нарадзіўся Валеры Панамароў, беларускі кінарэжысэр, які экранізаваў творы беларускае літаратурнае клясыкі: п’есу Янкі Купалы «Тутэйшыя» і аповесьць Васіля Быкава «На чорных лядах».
1991 – у Менску створаная Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (25–27 траўня адбыўся кангрэс беларусістаў).
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:
М.Адамовіч: «Я думаю, судзьдзі таксама было нялёгка»
Я.Вус: Мы былі гатовыя да прысуду, але да такога тэрміну – не
В.Класкоўская: «Перажылі лета гарачае, перажывем і дзярмо сабачае»
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Досьць нас наезьнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Сьмяяцца нашай цемнаце,
Багацьце краю нішчыць, пляжыць –
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!..
Мы к волі йдзем – з дарогі прэч!..
Уладзімер Жылка. Покліч (1920)