У Жлобіне КДБ, а не мясцовыя ўлады, вырашае, ці дазваляць пікеты

Як паведаміў сайту «Беларускі трыбунал» --> http://beltribunal.nl/ сябра партыі «Справядлівы сьвет» Анатоль Сьцепаненка, на судзе, дзе актывіст аспрэчваў рашэньне Жлобінскага райвыканкаму забараніць пікеты, юрыдычны прадстаўнік райвыканкаму заявіла, што адмова ў правядзеньні пікету прыйшла з КДБ.
Камітэт настойліва рэкамэндаваў забараніць пікет, бо адзін з ініцыятараў пікету, Валер Рыбчанка, раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. «Судзьдзя ў гэты момант нават апусьціла галаву, калі пачула такое шчырае прызнаньне», — кажа Сьцепаненка.

За тры гады партыя «Справядлівы сьвет» заяўляла каля трыццаці пікетаў па самых розных праблемах, што хвалююць жыхароў Жлобіна. Аднак ніводная з гэтых заявак не была задаволеная.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак камэнтуе ўплыў КДБ на працу выканаўчых структураў:

«Напачатку зазначу, што КДБ, як адзін з праваахоўных органаў, безумоўна, мае права выказаць свае перасьцярогі органу, што прымае рашэньне пра дазвол мерапрыемства. І гэта нармальная практыка, калі выканаўчы орган робіць запыт у праваахоўных органах на прадмет бясьпекі мерапрыемства.

Але тое, што адбываецца ў Беларусі, — цалкам наадварот. Выканкам проста выконвае рашэньне КДБ, і гэта цалкам неканстытуцыйна і незаконна. Выканкам ня мае права заяўляць, што КДБ нам гэтак сказаў, таму мы і прымаем такое рашэньне. Гэта трэба было разгледзець, абмеркаваць, якраз дзеля таго, каб максымальна забясьпечыць умовы для правядзеньня акцыі.

А матыў, што чалавек ужо прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці, — гэта ніякім чынам ня можа ўплываць на рэалізацыю права на мірныя акцыі. Гэта па беларускім заканадаўстве ня ёсьць падставай для адмовы ў правядзеньні мерапрыемства. Такія забароны трэба аспрэчваць у судзе, але, на жаль, для нашых судоў пазыцыя КДБ будзе вызначальная, як і для выканкаму. Гэта сьведчыць пра гіпэртрафаваную ролю ў Беларусі спэцслужбаў, якія сёньня рэальна кіруюць у краіне».