Міліцыянтаў і агентаў судзяць і праз чвэрць стагодзьдзя

У польскім Кракаве суд пакараў рознымі тэрмінамі турэмнага зьняволеньня ўмоўна чатырох былых міліцыянтаў, якія 25 гадоў таму зьбілі ўдзельнікаў дэманстрацыі пратэсту.
Фактам разгляду сталі дзеяньні спэцыяльных сіл міліцыі, якія 3 траўня 1987 году жорстка зьбілі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі ля замку Вавэль. Судзьдзя Барбара Сікора зачытала наступнае абгрунтаваньне прысуду: " Будучы на службе ў камуністычнай дзяржавы, дзейнічаючы супольна зь іншымі супрацоўнікамі народнай міліцыі, яны зьдзейсьнілі камуністычнае злачынства, а менавіта зьбіцьцё ўдзельнікаў патрыятычнай маніфэстацыі".

Былыя польскія міліцыянты атрымалі ад двух з паловай да трох гадоў турэмнага зьняволеньня з адтэрміноўкай. Сваёй віны яны не прызналі.

На мінулым тыдні падобнае рашэньне прыняў і праскі суд. Упершыню ў Чэхіі былыя супрацоўнікі спэцслужбаў атрымалі рэальны, а ня ўмоўны турэмны тэрмін. У судзе дамогся справядлівасьці былы дысыдэнт Пэтр Плацак, якога летам 1989 году падчас пратэсту супраць высяканьня дрэваў у парку захапілі чатыры супрацоўнікі спэцслужбаў, вывезьлі ў лес, зьбілі і пакінулі там без дапамогі і дакумэнтаў. Калі Плацак прыйшоў у аддзяленьне паліцыі па дакумэнты, там яго зноў зьбілі. Два з былых сакрэтных агентаў, што зьбівалі Плацака, асуджаныя на паўтара і год турмы (трэці агент за гэты час памёр). Умоўнае пакараньне атрымаў толькі шафёр аўтамабіля. Асуджаныя падалі апэляцыю.