Абама ўпэўнены ў пасьпяховым завяршэньні місіі ў Аўганістане

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на саміце НАТА ў Чыкага выказаў упэўненасьць, што краіны, якія ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны Альянс, сумеснымі намаганьнямі давядуць да канца цяперашнюю місію ў Аўганістане.
«Ніхто з нас не адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў», — сказаў Абама, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў найбуйнейшай у гісторыі сустрэчы лідэраў НАТА, у якой акрамя прадстаўнікоў дзяржаў-членаў альянсу ўдзельнічаюць дэлегацыі яшчэ каля 60 краінаў і шэрагу арганізацый.

Генэральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн пацьвердзіў пляны па вываду з Аўганістану баявых падразьдзяленьняў замежных войскаў да канца 2014 году. Лідэры блёку таксама пагадзіліся з тым, што працэс перадачы адказнасьці па забеспячэньню бясьпекі ў Аўганістане — ад сілаў НАТА мясцовым структурам — павінен завяршыцца да сярэдзіны наступнага году.

Акрамя гэтага, удзельнікі саміту заклікалі Ісламабад аднавіць «як мага хутчэй» пастаўкі грузаў войскам міжнароднай кааліцыі праз пакістанскую тэрыторыю.