У Гомелі прэзэнтавалі фільм «Лінія Сталіна»

Прэзэнтуе фільм Кастусь Жукоўскі

Грамадзкая кааліцыя «Наша альтэрнатыва» прэзэнтавала аматарскі відэафільм «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён».
35-хвілінны фільм апавядае пра сталінскія рэпрэсіі ў Гомельскай вобласьці. На відэа запісаныя расповеды ацалелых сьведак рэпрэсіяў, а таксама сваякоў ахвяраў. Называюцца й месцы масавых расстрэлаў, у прыватнасьці, 9-ты кілямэтар шашы Гомель — Чарнігаў, дзе знойдзены магілы з парэшткамі расстраляных.

У стварэньні дакумэнтальнага фільму бралі ўдзел грамадзкія актывісты Алесь Сівакоў, Сяржук Саладухін, Андрусь Цянюта, Андрэй Папоў, Яўген Якавенка. Камэнтары даваў гісторык Зьміцер Гусакоў.

Гусакоў згадаў малавядомыя факты фальшаваньня энкавэдыстамі ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя розных змоўніцкіх антысавецкіх арганізацыяў, за мітычную прыналежнасьць да якіх былі арыштаваныя дзясяткі жыхароў рэгіёну, у тым ліку й сьвятары.

Пасьля прагляду фільму зладзілі невялікую віктарыну. Прыз — фотаапарат «Сanon» — атрымаў бард Андрусь Мельнікаў. Ён аказаўся больш дасьведчаны ў гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў на Гомельшчыне.

Прыз Андрусю Мельнікаву



Прэзэнтацыя фільму адбылася ў офісе гомельскай філіі АГП.

Спачатку «Лінію Сталіна — Гомельскі рэгіён» меліся паказваць у канфэрэнц-залі гатэля «Турыст». Арганізатары запрасілі на прэзэнтацыю супрацоўнікаў ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму, абласной управы КДБ, БРСМ, выкладчыкаў і студэнтаў гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны. Але за тры дні да прэзэнтацыі гатэль «Турыст» скасаваў дамову на арэнду, спаслаўшыся на заплянаваны рамонт.