На прэзэнтацыю фільма пра сталінскія рэпрэсіі запрасілі ідэолягаў, БРСМ і КДБ

Актывісты кааліцыі «Наша альтэрнатыва» плянуюць 19 траўня прэзэнтаваць фільм «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён», прысьвечаны сталінскім рэпрэсіям на Гомельшчыне.
Арганізатары імпрэзы накіравалі запрашэньне дэкану і студэнтам гістарычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ідэолягам абл-і гарвыканкамаў, гарадзкой арганізацыі БРСМ і супрацоўнікам КДБ.

«Нам цікава правесьці шырокую грамадзкую дыскусію», — паведаміў БелаПАН Жукоўскі.

Фільм здымаўся са жніўня 2011-га па сакавік 2012-га. Чальцы «Нашай альтэрнатывы» зьбіралі інфармацыю пра месцы масавых расстрэлаў людзей, сьведчаньні сваякоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

«Лінія Сталіна — гэта не абарончы рубеж у Менскай вобласьці, а лінія тэрору супраць беларускага народу. На жаль, улады ўпарта замоўчваюць гістарычныя факты, адмаўляючы сталінскія рэпрэсіі. Пра гэта кажа і той факт, што калі ў 2007 годзе пад Гомелем раскапалі месцы масавых расстрэлаў людзей, то ўлады сказалі, што там былі забітыя чырвонаармейцы», - заявіў Канстанцін Жукоўскі.