Баку: разгон акцыі апазыцыі

Затрыманьні ў часе разгону акцыі ў Баку

У сталіцы Азэрбайджану паліцыя разагнала сёньня ўдзельнікаў акцыі пратэсту, арганізаванай апазыцыйнай «Грамадзкай палатаю». Акцыя праводзілася з патрабаваньнем забясьпечыць свабоду сходаў і вызваліць палітвязьняў.

Апазыцыйнікі мелі намер зладзіць шэсьце ад сквэру Сабіра да будынку мэрыі і правесьці там пікет. Аднак паліцыя ўжо на самым пачатку спыніла акцыю, ужыўшы сілу супраць яе ўдзельнікаў. Дзясяткі людзей былі затрыманыя.

Сутычкі паміж прыхільнікамі апазыцыі і паліцыяй працягваліся і ў іншых месцах у цэнтры Баку.

Лідэры «Грамадзкай палаты» заяўляюць, што калі ня будуць вызваленыя 13 актывістаў, прызнаных арганізацыяй «Міжнародная амністыя» «вязьнямі сумленьня», то апазыцыя працягне акцыі пратэсту і ў дні песеннага конкурсу «Эўрабачаньне», які пройдзе ў Баку з 22 да 26 траўня.

Улады Азэрбайджану адмаўляюць наяўнасьць у краіне палітвязьняў.