17 чэрвеня Беларусь і Расея могуць падпісаць кантракт на АЭС

Пры канцы мінулага тыдня ў Астраўцы адбылося пасяджэньне апэратыўнага штабу па будоўлі АЭС, дзе старшыняваў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка.
«На пасяджэньні штабу абмяркоўвалася пытаньне пра падрыхтоўку генэральнага кантракту на будаўніцтва Беларускай АЭС, падпісаньне якога плянуецца на 17 чэрвеня», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце ААТ «НІАЭП», якое ўваходзіць у «Расатам».

У паведамленьні цытуюцца словы намесьніка дырэктара «НІАЭП» Юрыя Пуставога, што ў 2012 годзе на будаўніча-мантажныя працы будзе выдаткавана 40 мільёнаў даляраў ЗША. Столькі ж трэба будзе асвоіць за першы квартал 2013-га.

У траўні 2012-га на пляцоўцы АЭС будуць працаваць 245 чалавек. Да канца 2013-га іх колькасьць вырасьце да 2,6 тысячы.

У сакавіку 2011 году Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне пра супрацоўніцтва ў справе будоўлі АЭС.

Беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблёкаў агульнай магутнасьцю да 2,4 тыс. МВт. АЭС пабудуюць на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці.

У лістападзе 2011-га Беларусь і РФ падпісалі міжурадавае пагадненьне пра выдзяленьне Беларусі 10 мільярдаў даляраў ЗША расейскага крэдыту на будоўлю АЭС, нагадвае Інтэрфакс.