«Коммерсант»: першы візыт Пуціна будзе ў Беларусь

Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у свой першы замежны візыт выправіцца ў адну з краінаў СНД. Расейскія «Известия» пішуць, што Пуцін выбірае паміж Казахстанам і Беларусьсю. Аднак «Коммерсант» запэўнівае, што гэта будзе Беларусь.
«Пуцін з кірункам ўжо вызначыўся — гэта будзе адна з краінаў СНД. Паездка можа адбыцца ў пэрыяд пасьля самітаў СНД і АДКБ, якія пройдуць у Маскве 15 траўня, але да саміту Расея-Эўразьвяз 3-4 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу, адкуль прэзыдэнт вылеціць ў Кітай», — цытуюць «Известия» крыніцу, блізкую да адміністрацыі прэзыдэнта РФ.

Выбар стаіць паміж Беларусьсю і Казахстанам, рашэньне будзе прынятае на нефармальнай сустрэчы лідэраў СНД 15 траўня, пішуць «Известия».

Расейскі «Коммерсант», спасылаючыся на ўласную інфармацыю, паведамляе, што першай дзяржавай, якое наведае Пуцін, стане Беларусь.

6 траўня Пуцін і Лукашэнка размаўлялі праз тэлефон. Лукашэнка запрасіў Пуціна наведаць Беларусь з афіцыйным візытам.

Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, заявіў «Известиям», што пакуль не можа пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт ў Беларусь.

У Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі газэце таксама не змаглі ні пацьвердзіць, ні абвергнуць факт маючых адбыцца перамоваў, піша Інтэрфакс.