Грэцыя: перамовы аб урадзе – бяз посьпеху

Лідэр грэцкіх сацыялістаў Эвангеляс Вэнізэляс (зьлева) і кансэрватараў Антаніс Самарас пасьля парлямэнцкіх выбараў страцілі бальшыню, неабходную для фармаваньня ўраду. Цяпер ім патрэбная падтрымка трэцяй партыі.

Партыя "Дэмакратычныя левыя" зьняпраўдзіла паведамленні аб сваёй згодзе на стварэньне кааліцыі з адной з трох найбуйнейшых партыяў.
У Грэцыі перамовы аб стварэньні ўрадавай кааліцыі ідуць пакуль што беспасьпяхова.

Партыя "Дэмакратычныя левыя" зьняпраўдзіла паведамленні аб сваёй згодзе на стварэньне кааліцыі з адной з трох найбуйнейшых партыяў.

Перамовы аб фармаваньні новага кабінэту працягваюцца. Іх вядзе прэзыдэнт Грэцыі Караляс Папульяс зь лідэрамі ўсіх сямі партыяў, якія прайшлі ў парлямэнт.

Сацыялісты і "Новая дэмакратыя", што выступаюць за скарачэньне бюджэтных выдаткаў узамен на міжнародную дапамогу, страцілі па выніках нядаўніх выбараў бальшыню ў парлямэнце. Цяпер для фармаваньня ўраду ім неабходная падтрымка адной з чатырох драбнейшых партыяў, што прайшлі ў парлямэнт.

Лідэры гэтых партыяў – ад камуністаў да нэафашыстоўцаў – пакуль адмаўляюцца ўступаць у прапанаваную ім кааліцыю, заяўляючы, што выступаюць за перагляд эканамічнай палітыкі і пагадненьняў зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.

Перамовы могуць працягвацца да чацьвярга, калі адкрываецца першая сэсія новага парлямэнту. Калі да таго часу ўрад сфармаваць ня ўдасца, ужо ў чэрвені могуць прайсьці датэрміновыя выбары.

Палітычны пат у Грэцыі затрымлівае крокі бюджэтнай эканоміі, канечне патрэбныя для атрыманьня міжнароднай дапамогі. Гэта пагражае Афінам дэфолтам, які, паводле аналітыкаў, можа справакаваць новую хвалю эканамічнай рэцэсіі ўва ўсёй Эўропе.