Любоў Кавалёва патрабуе назваць імёны стваральнікаў фільму «Мэтро»

Любоў Кавалёва

Маці абвінавачанага ў тэракце і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва разам зь віцебскім апазыцыянэрам Барысам Хамайдам патрабуюць, каб кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі назваў імёны аўтараў фільму, які лічаць непраўдзівым і паклёпніцкім.

Да звароту яны прыклалі аналітычны агляд фільму, паказанага да ўгодкаў выбуху на станцыі «Кастрычніцкая», — зь пералікам усіх эпізодаў, дзе, на іх погляд, ёсьць «нестыкоўкі» і скажэньне сапраўднай інфармацыі.

Барыс Хамайда: «Назваць гэта „дакумэнтальным“ фільмам без двукосьсяў проста немагчыма. Аўтары фільму спрабуюць пераканаць гледачоў у безумоўнай вінаватасьці Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва — дарабіць тое, чаго ня здолела сьледзтва. Паводле тэхналёгіі стварэньня гэта фактычна паўтарэньне ілжывых канструкцый кшталту „Дзеці хлусьні“ або „Жалезам па шкле“. Тыя самыя „творчыя прыёмы“ — ілжывыя высновы, не пацьверджаныя доказамі ў справе, камэнтары некампэтэнтных асобаў, смакаваньне крывавых сцэнаў і культываваньне нянавісьці».

Невыпадкова не былі ўказаныя прозьвішчы стваральнікаў фільму, лічыць Любоў Кавалёва:
Улада расстралялі, а цяпер вось гэткімі ананімнымі фільмамі яны імкнуцца ачарніць памяць майго сына.

«11 красавіка быў паказаны фільм „Мэтро“, аўтары якога спрабуюць пераканаць гледачоў у вінаватасьці Дзьмітрыя Канавалава і майго сына Ўладзіслава Кавалёва. Ярлык „тэрарыста № 1“ яны павесілі на Дзіму Канавалава, і ўсімі сіламі спрабуюць гэткае ж „званьне“ павесіць і майму сыну. Бо мой сын не захацеў граць ролю, адведзеную яму ўладамі — ён зьмяніў паказаньні ў судзе, распавёў, як фабрыкавалася гэтая крымінальная справа. Вэрсія сьледзтва і ўладаў правалілася, а помсьціць яны ўмеюць! Улада расстралялі, а цяпер вось гэткімі ананімнымі фільмамі яны імкнуцца ачарніць памяць майго сына. Таму лічу сваім абавязкам данесьці праўду пра гэты фільм, дзе выкарыстоўваецца непацьверджаная інфармацыя, і яўны падман тэлегледачоў».

Кавалёвы і сябар іхнае сям’і апазыцыянэр Барыс Хамайда некалькі разоў праглядзелі фільм і даслалі кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку пералік з больш як 20 эпізодаў, дзе бачаць выкарыстаньне непраўдзівай інфармацыі або спробы маніпуляваньня сьвядомасьцю гледачоў.

Любоў Кавалёва патрабуе, каб спадар Давыдзька назваў імёны аўтараў фільма «Мэтро». Маці абвінавачанага не выключае, што падасьць у суд на гэтых асобаў.