Ліквідуюць інстытуты мовы і літаратуры, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру

Бліжэйшым часам у Нацыянальнай акадэміі навук могуць ліквідаваць Інстытут мовы і літаратуры і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, каб стварыць на іхнай базе адзіную структуру кшталту цэнтру гуманітарных навук.
Адпаведны праект ужо падрыхтаваны і чакае падпісаньня, інфармуе сайт «Салідарнасьць».

У Нацыянальнай акадэміі навук гэтыя зьвесткі не камэнтуюць.

Літаратуразнавец, пісьменьнік Пятро Васючэнка гэтак пракамэнтаваў магчымую пэрспэктыву рэфармаваньня інстытутаў мовы і літаратуры ды мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру.

Пятро Васючэнка

«Гэта ня першы выпадак, калі зьліваюцца інстытуты. Ужо былі аб’ядноўвалі інстытуты літаратуры і мовазнаўства. Тым ня меней аддзелы дзейнічаюць, навуковая праца працягваецца. Думаю, катастрофы ня будзе, хоць некаторыя скарачэньні ўсё ж будуць. Але адмыслоўцы ж застаюцца. Горш было б, калі б зусім Акадэмія была зьнішчаная і навуку перадалі ўнівэрсытэтам, бо пакуль нашы ўнівэрсытэты да гэтага не гатовыя. Як на мяне, дык Акадэмія павінна захоўвацца, бо яна мае даўнія традыцыі. Акадэмія пачыналася з Інбелкульту, і добра, што яна застаецца. А ў якім выглядзе будзе існаваць гэты цэнтар гуманітарных навук, — здаецца, пра гэта ня ведаюць яшчэ і ў самой Акадэміі. Мадэль пакуль невядомая. Але калі мадэль будзе зразумелая, спадзяюся, будзе распачатае грамадзкае абмеркаваньне, як было з аб’яднаньнем інстытутаў мовы і літаратуры. Тады абмеркаваньне пачалі задоўга да таго, як зьявіліся ўсе гэтыя дакумэнты.

Такім чынам, панічнага тону адносна гэтай тэмы я не падзяляю. Вядома, калі ў Акадэміі існавала некалькі інстытутаў і яны добра паміж сабой жылі, гэта быў росквіт філялягічнай навукі, але гэта было за савецкімі часамі. Але часы мяняюцца, навука больш залежыць ад эканомікі, падтрымкі той цэнтралізаванай ужо няма. Гэта аб’ектыўныя прычыны».

Анісім: «Гэта будзе сьведчыць пра чарговае зьніжэньне ролі беларускай мовы ў жыцьці нашай краіны»


Алена Анісім

Камэнтуе першы намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

«Калі мы паглядзім на тое, як робяць нашы суседзі, то атрымліваецца, што беларусы знаходзяцца ў вельмі неспрыяльных умовах. У той час як, напрыклад, ва Ўкраіне існуюць два інстытуты, якія займаюцца пытаньнямі мовы, то ў Беларусі ўжо зьліквідаваны адзіны Інстытут мовазнаўства. Бо ён аказаўся зьліты разам з Інстытутам літаратуры. І калі зьнікне такая ўстанова, нават у форме Інстытуту мовы і літаратуры, то гэтым, канечне, будзе нанесеная вялікая шкода.

І ня проста супрацоўнікам інстытуту. Найперш — іміджу нашай краіны. І, па-другое, гэта будзе шкода разьвіцьцю культуры. Гэта будзе сьведчыць пра чарговае зьніжэньне ролі беларускай мовы ў жыцьці нашай краіны. І таму гэта будзе азначаць наступ менавіта на нацыянальнае разьвіцьцё і на сапраўдных патрыётаў — грамадзян нашай краіны».