Бандарэнка: «Пытаньне беларускіх палітвязьняў — у крытычнай фазе»

Зьміцер Бандарэнка

Ці ёсьць нейкія прыкметы рэабілітацыі былых палітвязьняў, якія ўжо апынуліся на волі? Што іх найбольш клапоціць?
Былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка днямі вярнуўся з Польшчы. Мэтай паездкі было пытаньне, зьвязанае зь яго лекаваньнем за мяжой.

«Я сустракаўся зь людзьмі, якія мне могуць дапамагчы ў гэтым. Апроч таго, безумоўна, сустрэўся з дачкой, вельмі рады быў яе пабачыць, бо амаль год і пяць месцаў яе ня бачыў. Ну, і таксама былі сустрэчы зь сябрамі, знаёмымі, якія цяпер з розных прычын жывуць у Варшаве і ў Літве. І для мяне гэта была такая форма рэабілітацыі, бо вельмі складана пасьля зьняволеньня выходзіць у звычайны сьвет. Мне гэтае падарожжа дапамагло больш рэальна ўспрымаць рэчаіснасьць».

Зьміцер Бандарэнка мае сур’ёзныя праблемы з хрыбетнікам, у яго часткова паралізаваная нага і цяжка рухацца. З другой нагой таксама могуць быць праблемы, бо яна баліць. Паводле Бандарэнкі, са здароўем пытаньне сур’ёзнае, і яго трэба вырашаць. Таму Зьміцер пакуль ня кажа пра актыўны ўдзел у палітычным жыцьці. Што да рэабілітацыі былых палітвязьняў, як патрабуе Эўразьвяз, Зьміцер Бандарэнка кажа, што тут ніякіх навінаў:

«На мне застаецца судзімасьць і два гады судзімасьць будзе, а гэта пагроза новага зьняволеньня ў любы момант, пры парушэньнях. Таму ані пра якую рэабілітацыю цяпер пакуль гаворка не ідзе, бо яшчэ 15 чалавек застаюцца за кратамі. Мы з Андрэем Саньнікавым увесь час паўтараем, што зараз для іх сытуацыя вельмі пагоршылася. На іх, безумоўна, ціснуць. І трэба ўвесь час гэтае пытаньне ўздымаць. Не магу сказаць, што наша вызваленьне адбылося цалкам толькі таму, што было ўзьдзеяньне Захаду. Бо калі б мы не напісалі гэтыя прашэньні, то мы заставаліся б за кратамі. І гэта трэба разумець усім. Бо некаторыя палітыкі на Захадзе чамусьці думаюць, што пытаньне беларускае вырашана. Насамрэч — не. Пытаньне беларускіх палітвязьняў знаходзіцца ў вострай, крытычнай фазе».

Павал Вінаградаў

Няма ніякіх прыкметаў зьняцьця судзімасьці і зь іншых палітвязьняў, якія былі вызваленыя раней. Да прыкладу, Паўлу Вінаградаву ўвялі рэжым прэвэнтыўнага нагляду на 2 гады. Сярод іншага, ён абавязаны быць дома з 8 вечара да 7 раніцы, яму забаронена пакідаць горад без дазволу міліцыі.

«На 9 траўня мяне правяралі два разы. Прыходзілі ўвечары і сёньня ў 5:35 раніцы. Ходзяць, правяраюць, сочаць. А так усё добра — не сядзеў ажно два тыдні. Мяне вельмі напружвае адсутнасьць магчымасьці выехаць за горад, за мяжу, нават у бар я не магу схадзіць. Я нават ня ведаю, што рабіць. Скаргі пісаць няма сэнсу. Да таго ж і пісаў я скаргі на свой прысуд. Усё залежыць ад нейкіх высокіх міжнародных палітычных каштоўнасьцяў і кулюарных размоваў. Таксама ад гэтага залежыць лёс і астатніх палітвязьняў. Як дамовяцца, так і будзе».

Уладзь Яроменак

Маладафронтафец Уладзь Яроменак таксама пад прэвэнтыўным наглядам. Былы палітвязень мяркуе, што менавіта з-за гэтага нагляду ён ня зможа паступіць на дыстанцыйнае навучаньне ў замежную навучальную ўстанову.

«Рэжым ня хоча прызнаваць сваю памылку. Лукашэнка ніколі не прызнае сваю памылку, таму ніякай рэабілітацыі ня будзе».