Лібія: пратэстоўцы абстралялі ўрад з зэнітак

У Трыпалі група былых лібійскіх паўстанцаў у аўторак напала на будынак ураду.
Агонь вёўся з стралковай зброі і зэнітных гармат супрацьпаветранай абароны. Нападнікі патрабавалі выплаты запазычанасьці па заробку. Сярод іншых патрабаваньняў – лячэньне за мяжой былых байцоў паўстанцкага руху, якія былі параненыя ў баях супраць войскаў Муамара Кадафі.

Як паведамілі афіцыйныя лібійскія крыніцы, група ўзброеных людзей, якія ўдзельнічалі ў зрынаньні Кадафі, правяла перамовы з прадстаўнікамі ўраду ўнутры будынка. Пасьля перамоў, якія не прынесьлі вынікаў, ля ўрадавага будынку была чутная страляніна.

Паводле наяўнай інфармацыі, адзін ці два чалавекі загінулі і некалькі былі параненыя. Пры гэтым ніхто з урадавых чыноўнікаў не пацярпеў – ім удалося пакінуць будынак.