Наступнае пасяджэньне суду над украінцамі, расейцамі і беларусамі ў Лібіі — 21 траўня

Вайсковы суд Трыпалі працягне разгляд справы групы адмыслоўцаў, якіх падазраюць ва ўдзеле ў ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Лібіі.
7-га траўня адбылося 4-е па ліку пасяджэньне па гэтай справе. Бок абвінавачваньня і бок абароны перадалі суду новыя матэрыялы і заявілі, што трэба іх дадаткова вывучыць.

«У сувязі з гэтым наступнае судовае пасяджэньне пройдзе 21 траўня», — паведаміў Інтэрфаксу прэсавы сакратар МЗС Украіны Аляксандар Дзікусараў.

У Лібіі праходзіць судовы працэс над грамадзянскімі адмыслоўцамі, якія працавалі на аб’ектах нафтавай прамысловасьці. Пра іх затрыманьне стала вядома ў верасьні 2011 году.

Перад судом сталі 25 чалавек, у ліку якіх, акрамя ўкраінцаў, грамадзяне Расеі і Беларусі. Суд пачаўся 4 красавіка ў Трыпалі. Усёй групе выстаўленае абвінавачваньне ў аднаўленьні ваеннай тэхнікі, якая нібыта выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народу».