Беларусь — лідэр па тэмпах інфляцыі ў СНД

Міждзяржаўны статыстычны камітэт СНД агучыў вынікі росту прамысловай вытворчасьці і ўзровень інфляцыі ў краінах Садружнасьці па выніках першага кварталу.
Найбольшы рост прамысловай вытворчасьці ў СНД за першыя тры месяцы 2012 году ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам зафіксаваны ў Армэніі — больш за 16%. У Беларусі гэты паказьнік крыху перавышае 8%.

А вось што да ўзроўню інфляцыі, то тут Беларусь ад мінулага году застаецца безумоўным лідэрам. Паводле зьвестак Міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД, у Беларусі зафіксаваная максымальная інфляцыя сярод усіх краін Садружнасьці за студзень-сакавік — 5%. У дзяржаў, якія разьмясьціліся сьледам, паказьнікі нашмат лепшыя. Так, у Армэніі рост коштаў склаў 2,7%, у Расеі — 1,5%, у Казахстане — 1,1%. Астатнія краіны СНД дэманструюць яшчэ большую эканамічную стабільнасьць, нават не скарыўшы мяжу ў 1%.