Бел-чырвона-белыя стужкі — да гадавіны рэфэрэндуму-1995

Як падае прэсавая служба руху «За Свабоду», прыхільнікі экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандра Мілінкевіча вырабілі бел-чырвона-белыя стужкі да гадавіны рэфэрэндуму, які прайшоў у Беларусі ў 1995 годзе і на падставе якога ўлады зьмянілі нацыянальную сымболіку.

Такой стужкай травеньскімі днямі можна прадэманстраваць пашану да нацыянальных сымбаляў, пачапіўшы яе на антэну аўтамабіля, вопратку ці заплечнік. Спытацца бел-чырвона-белыя стужкі можна ў офісах руху «За свабоду» і Партыі БНФ. Таксама бліжэйшымі днямі стужкі будуць распаўсюджвацца актывістамі руху «За свабоду» ў розных гарадах Беларусі.

Рэфэрэндум 1995 году стаў першым у гісторыі незалежнай Беларусі. Ён прайшоў 14 траўня з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі замененыя на крыху мадыфікаваную сымболіку БССР. Апрача таго, расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай.