Расея гатовая да апераджальнага ўдару

Начальнік Генэральнага штабу Расеі Мікалай Макараў заявіў, што Расея гатовая да апераджальнага ўдару па эўрапейскай сыстэме супрацьракетнай абароны.
Гэтая заява была зробленая на Маскоўскай канфэрэнцыі ў справе супрацьракетнай абароны, якая, як адзначаюць аглядальнікі, была скліканая з мэтай прадэманстраваць намеры Расеі напярэдадні канфэрэнцыі НАТА, якая адбудзецца ў канцы траўня ў Чыкага (ЗША).

Чакаецца, што ў Чыкага будзе абвешчана пра завяршэньне першага этапу стварэньня Эўрапейскай сыстэмы СРА. Сакратар Рады бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў заявіў у пачатку канфэрэнцыі, што гэтая сыстэма мае патэнцыйную пагрозу для расейскіх ядзерных сілаў і парушае стратэгічны парытэт. Міністар абароны РФ Мікалай Сердзюкоў заявіў, што калі бакі ня здолеюць дамовіцца, Масква будзе вымушаная пайсьці на пэўныя «вайскова-тэхнічныя захады».

Што ўяўляюць сабой гэтыя захады – патлумачыў начальнік Генэральнага штабу расейскай арміі Мікалай Макараў. Ён сказаў, што Расея гатовая зрабіць шэраг крокаў, сярод якіх – абмежаваньне інфармацыі аб стане стратэгічных ядзерных сілаў, парушэньне функцыянаваньня касьмічнай часткі супрацьракетнай абароны, а таксама – разьмяшчэньне новых ударных сілаў на поўдні і на паўночным захадзе Расеі. Пры гэтым Макараў удакладніў, што рашэньне аб апераджальным удары будзе прымацца ў выпадку абвастрэньня абстаноўкі.

Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што ў часе «візуальнай прэзэнтацыі» на маскоўскай канфэрэнцыі расейскія вайскоўцы, упершыню за шмат гадоў, прадэманстравалі, што Масква па-ранейшаму гатовая нанесьці ўдары па краінах Эўропы і па ЗША.

Прадстаўнікі ЗША і НАТА ў сваіх выступах на канфэрэнцыі спрабавалі пераканаць расейскі бок, што эўрапейская сыстэма РСА накіраваная ня супраць Расеі, і што калі Маскве трэба нечага засьцерагацца, дык ня Захаду; варта больш уважліва паглядзець на Поўдзень і Ўсход.

Раней прадстаўнікі расейскага Генэральнага штабу заяўлялі, што не выключаюць разьмяшчэньня зброі, накіраванай супраць эўрапейскай сыстэмы СРА, на тэрыторыі Беларусі.