У Сырыі паўстанцы забілі 15 вайскоўцаў

Патруль на вуліцах Хомсу

У правінцыі Алепа на поўначы Сырыі ў сутыкненьні паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі сёньня загінулі 15 вайскоўцаў, сярод іх - два палкоўнікі.
Паўстанцы, якія зьдзейсьнілі раптоўны напад, страцілі два чалавекі забітымі. Гэтыя дадзеныя падае Syrian Observatory for Human Rights – арганізацыя, якая месьціцца ў Лёндане і займаецца маніторынгам дзейнасьці паўстанцаў.

Напярэдадні 12 вайскоўцаў урадавай арміі былі забітыя пры нападзе паўстанцаў у правінцыі Дэйр-Эз-Зор і яшчэ 10 загінулі пры мінамётным абстрэле ў правінцыі Ідліб на поўначы краіны.

Сёньня міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch абвінаваціла сырыйскія ўлады ў ваенных злачынствах, зьдзейсьненых у правінцыі Ідліб незадоўга да абвяшчэньня замірэньня 12 красавіка. За два тыдні баявых дзеяньняў там загінулі ня менш за 95 чалавек, сотні дамоў былі спаленыя.