Швайцарыя ўзмацніла санкцыі супраць Беларусі

Як падае агенцтва SDA са спасылкай на дзяржсакратарыят па эканоміцы, урад краіны пашырыў свае санкцыі супраць беларускага рэжыму, падтрымаўшы аналягічныя захады краінаў Эўразьвязу.
Цяпер у так званы “чорны сьпіс” уваходзяць яшчэ 68 беларусаў, якім забараняецца ўяжджаць на тэрыторыю канфэдэрацыі, таксама замарожаныя актывы гэтых асобаў. У агульным сьпісе цяпер налічваецца 243 асобы, пераважна судзі ды пракуроры. Таксама санкцыі распаўсюджваюцца супраць 32 кампаніяў ( ня так даўно іх было ўсяго чатыры). Гэта галоўным чынам бізнэс Уладзімера Пефціева, які моцна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Такім чынам, Бэрн далучыўся да тых забаронаў у дачыненьні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якія раней ўвёў ЭЗ.