Мікалая Аўтуховіча паабяцалі перавесьці на «агульны рэжым»

Мікалай Аўтуховіч

Вязьня Гарадзенскай турмы Мікалая Аўтуховіча могуць перавезьці на больш мяккі рэжым, паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, які размаўляў з жонкай Аўтуховіча Аленай.
«Галоўная навіна — яму сказалі, што ў ліпені перавядуць на агульны рэжым. Гэта нейкі аблегчаны рэжым ў турме. Але пакуль спатканьні скарочаны».

Мікалай Аўтуховіч 15 кастрычніка 2005 г. быў зьняволены паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і ў прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на 3,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У студзені 2008 г. зьняволеньне было замененае папраўчымі працамі па месцы жыхарства. Па вызваленьні працаваў кіроўцам у Ваўкавыску. 8 лютага 2009 г. быў зьняволены разам зь Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам. Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аўтуховіча вязьнем сумленьня.