Украінская апазыцыя другі дзень блякуе працу Вярхоўнай Рады

Дэпутаты блякуюць трыбуну

Апазыцыйныя дэпутаты другі дзень запар блякуюць працу Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Перад пачаткам пасяджэньня парлямэнту ў сераду больш за 20 народных дэпутатаў ад «Блёку Юліі Цімашэнкі-Бацькаўшчына» і «Наша Ўкраіна - Народная Самаабарона» знаходзяцца ў прэзыдыюме і каля трыбуны парлямэнту.
Уваходныя дзьверы ў прэзыдыюм падпёртыя крэсламі, а на сьцяне ля самага прэзыдыюму вісіць плякат з надпісам «Януковіч, не забівай Юлю».

Апазыцыянэры наладзілі начное дзяжурства, каб прадстаўнікі большасьці гвалтам не разблякавалі працу парлямэнту.

Блякаваньне пачалося ў аўторак — пасьля апублікаваньня заявы Юліі Цімашэнкі. Былы прэм’ер сьцьвярджае, што падчас начной транспарціроўкі з калёніі ў лякарню да яе ўжылі «грубую фізычную сілу», і яна ад болю страціла прытомнасьць. Гэтыя заявы ўжо абверглі ў Харкаўскай абласной пракуратуры, Дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службе і ў самім шпіталі.

Эўразьвяз, ЗША і Расея зьвярнуліся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем даць тлумачэньні адносна сытуацыі вакол Цімашэнкі.