Вынік дэмакратычных выбараў: санкцыі зьнятыя, крэдыты дараваныя

Лідэр Дэмакратычнай партыі М'янмы Аўн Сан Су Чжы

Эўрапейскі Зьвяз прыпыніў дзеяньне большай часткі санкцый супраць М'янмы - у адказ на дэмакратычныя рэформы, якія адбываюцца ў краіне. У сіле засталася толькі забарона на пастаўкі зброі.
Рашэньне было прынята на пасяджэньні Рады ЭЗ па замежных справах у Люксэмбургу, у якім удзельнічаюць кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў 27-мі краінаў ЭЗ.

Раней ЗША заявілі, што зьмякчаць санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да М'янмы. Як паведаміла ў сераду дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан, будуць скасаваныя візавыя санкцыі і шэраг абмежаваньняў у галіне банкаўскай дзейнасьці. У выніку гэтага прадстаўнікі ўрада М'янмы змогуць наведваць ЗША.

У сераду ўдзельнікі саміту Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі заклікалі да скасаваньня міжнародных санкцыяў супраць гэтай краіны. Японія даравала М'янме 3,5 мільярдаў даляраў крэдыту.

Гэта - вынік выбараў, якія адбыліся ў краіне, дзе ва ўладзе амаль паўстагодзьдзя знаходзілася ваенная хунта. У М'янме ў 2010 годзе прайшлі ўсеагульныя выбары, а ў мінулым годзе - сфарміраваны цывільны ўрад. На парлямэнцкіх давыбарах, якія адбыліся ў пачатку красавіка, мандаты дэпутатаў атрымалі сябры дэмакратычнай партыі пад кіраўніцтвам ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру Аўн Сан Су Чжы.