Ператрус на кватэры ў Касі Галіцкай

Кася Галіцкая

23 красавіка супрацоўнікі спэцслужбаў правялі ператрус у кватэры актывісткі «Маладога фронту» Касі Галіцкай. Нічога падазронага не знайшлі.
«Супрацоўнікі невядомых ведамстваў (прадстаўляцца і тлумачыць, што адбываецца яны адмовіліся, у форме быў толькі адзін) спачатку не давалі дзяўчыне завесьці сабаку дамоў, відаць чакалі загадаў, пазьней падняліся разам з актывісткай у яе кватэру і правялі там ператрус. Нічога не знайшоўшы, пачалі задаваць пытаньні пра дзейнасьць маладафронтаўкі і пра яе пляны на 26 красавіка», — паведамляе прэсавая служба МФ.

«Гэта звычайная практыка праваахоўных органаў — наведваць кватэры актывістаў перад буйнымі акцыямі. Ведаючы, што ў кватэру проста так іх ніхто ня пусьціць, яны чакалі мяне пад пад’ездам, дзе ў мяне мала шанцаў супраць пяці міліцыянтаў. Вядома, што 26 красавіка адбудзецца „Чарнобыльскі шлях“, вось яны й затурбаваліся (...) Звыклая справа — нягледзячы на тое, што акцыя дазволеная, яны прымаюць меры, каб людзей на яе прыйшло як мага менш», — заявіла Кася Галіцкая.