Абяцаньне пра 500 даляраў заробку падхапіў Андрэйчанка

Уладзімер Андрэйчанка

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Андрэйчанка чарговым разам пацьвердзіў намер кіраўніцтва краіны выйсьці на 500-даляравы ўзровень заробкаў.
Павдле ягоных слоў, сацыяльная палітыка ў Беларусі будзе накіраваная на «апераджальны тэмп росту прыбыткаў насельніцтва»: «Дзяржава будзе рабіць усё, каб тэмпы росту даходаў перавышалі тэмпы росту кошту тавараў і паслугаў».

Ён запэўніў, што цяпер робяцца захады на выкананьне пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам задачы ў справе «дасягненьня да канца 2012 году узроўню заробнай платы ў эквіваленце 500 даляраў». Ён нагадаў, што ад 1 траўня павялічваецца тарыфная стаўка І разраду, а рост заробкаў у рэальным сэктары пацягне павелічэньне памераў пэнсій, стыпэндый, адраснай дапамогі.

Пры гэтым Андрэйчанка папярэдзіў, што «мэханічнае падвышэньне заробкаў недапушчальнае, бо гэта вяртаньне да сытуацыі 2011 году».

Разам з тым, незалежныя экспэрты лічаць, што менавіта прэзыдэнцкая задача давесьці прыбыткі насельніцтва да 500 даляраў можа справакаваць леташні сцэнар фінансавага крызісу, паколькі ніякіх аб’ектыўных падставаў да росту заробкаў няма.