Магілёў: пазоў актывіста незалежнага прафсаюзу не задаволены

Мікола Расюк

Ленінскі суд Магілёва не задаволіў пазову актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Расюка супраць Упраўленьня капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму.
Актывіст спрабаваў зьмяніць фармулёўку звальненьня і атрымаць грашовую кампэнсацыю ад наймальніка.

Звольнілі Расюка па сканчэньні тэрміну працоўнага кантракту. Ён настойваў на фармулёўцы «звольнены па ініцыятыве работніка з прычыны парушэньня наймальнікам умоваў кантракту». Разглядала пазоў судзьдзя Валянціна Лапаціна.

Расюк: «У маім кантракце напісана, што ў выпадку яго парушэньня наймальнік мне выплачвае тры сярэднія заробкі — гэта прыкладна 6 мільёнаў рублёў. Кантракт парушаўся, і я справядліва патрабаваў кампэнсацыі, але суд прыняў рашэньне не на маю карысьць.

Я ня дужа разьбіраюся ў юрыдычных пытаньнях. Судзьдзя папрасіла, каб я напісаў заяву, што адмаўляюся ад часткі прэтэнзіяў: „што звольнены па віне наймальніка“. Я гэта зрабіў — судзьдзі, відаць, так было выгадна. У выніку я прайграў. „Кантракт скончыўся, і якія могуць быць прэтэнзіі да наймальніка?“ Так вынікае з пастановы суду.

Я ўзяўся судзіцца з дужа ўплывовай арганізацыяй, на яе завязаныя вялікія чыноўнікі. Арганізацыя, у якой я працаваў, „Інвэстсыстэм“, збанкрутавала. Пасьля гэта я стаў працаўніком упраўленьня капітальнага будаўніцтва».

Ва ўпраўленьні капітальнага будаўніцтва звальненьне Мікалая Расюка тлумачаць вытворчай неабходнасьцю. Там заяўляюць, што для яго ў іх няма працы. Звальняць з упраўленьня па сканчэньні кантрактаў зьбіраюцца амаль усіх працаўнікоў, якіх перавялі з збанкрутаванай будаўнічай арганізацыі «Інвэстсыстэм».

Да пэнсіі Мікалаю Расюку тры гады. Ён ліквідатар-чарнобылец, высокакваліфікаваны будаўнік-электрык. Ад 16 красавіка беспрацоўны.