Галоўныя кандыдаты ў Эгіпце адхіленыя ад прэзыдэнцкіх выбараў

Дэманстрацыя Братоў-мусульманаў і салафістаў на плошчы Тахрыр у Каіры.

Выбарчая камісія Эгіпту пакінула у сіле рашэньне аб забароне 10 кандыдатам балятавацца на выбарах прэзыдэнта ў наступным месяцы - першых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля скіданьня ў лютым 2011 года Хосьні Мубарака.
Былы шэф эгіпэцкай выведкі Умар Сулейман, адзін з кіраўнікоў партыі «Браты-мусульмане» Хайрат аш-Шатыр і кіраўнік ультракансэрватыўнай салафісцкай партыі Хазім Абу Ісмаіл – сярод тых, каму забаронены ўдзел у выбарах.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, Умар Сулейман і Хазім Абу Ісмаіл былі фаварытамі выбарчай кампаніі. Пасьля іх сыходу з кампаніі павышаюцца шанцы на абраньне яшчэ аднаго лідэра апытаньняў – колішняга кіраўніка Лігі арабскіх краінаў Амра Мусы.

Дыскваліфікаваныя асобы маюць 48 гадзінаў, каб падаць апэляцыю. Канчатковы сьпіс кандыдатаў будзе апублікаваны 26 красавіка, калі афіцыйна пачнецца выбарчая кампанія.