Міністар замежных спраў Аўстрыі заклікаў вызваліць усіх палітвязьняў

Міхаэль Шпіндэлегер

Міністар замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер вітае вызваленьне беларускіх палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі й называе яго крокам у правільным кірунку. Пры гэтым ён патрабуе ад Менску далейшага прагрэсу. Паводле словаў кіраўніка аўстрыйскага МЗС, гэтых двух вызваленьняў для паляпшэньня стасункаў з ЭЗ відавочна недастаткова.

«Мы хочам бачыць істотнае паляпшэньне агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. А да гэтага беларускаму рэжыму яшчэ далёка. Даказаць, што вызваленьне палітвязьняў ня ёсьць сымбалічным актам, а першым крокам у напрамку да выхаду зь цяперашняга заганнага кола, цалкам у руках беларускага кіраўніка», — адзначыў аўстрыйскі міністар.

Шпіндэлегер чарговым разам заклікаў Беларусь да вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а таксама да зьняцьця абмежаваньняў у іх грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле ягоных словаў, адказнасьць за тое, каб Беларусь выйшла зь міжнароднай ізаляцыі, ляжыць на прэзыдэнце Лукашэнку.