Дзьмітрыеў наведаў Смалявіцкі РАУС

Андрэй Дзьмітрыеў

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў наведаў Смалявіцкі РАУС, дзе азнаёміўся са складзеным на яго пратаколам нібыта за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні і арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Неўзабаве адміністрацыйную справу супраць актывіста будзе разглядаць суд. Дзьмітрыева вінавацяць у правядзеньні сходу дачнікаў 10 сакавіка супраць будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

«Збольшага гэта інтэрнэт-раздрукоўкі, дзе сказана, што „Гавары праўду“ займаецца гэтай праблемай. І разам з жыхарамі дамагаецца большай інфармацыі і адмены будаўніцтва. Таксама было цікава пачытаць раздрукоўкі камэнтароў, якія яўна былі не на карысьць пазыцыі маёра. Але гэта перадаецца ў суд, будзе прызначаны нейкі дзень. Цікава, што нават у пратаколе пазначана,што прысутнічала на гэтым мерапрыемстве 10 сакавіка, якое разглядаецца, больш за 700 чалавек Так што міліцыя афіцыйна прызнала ўвагу грамадзянаў да гэтай праблемы».

10 сакавіка дачнікі й жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёну правялі сход супраць будаўніцтва на іхнай тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Больш як 700 чалавек аднагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць плянаваную будоўлю. Акрамя таго, быў створаны саюз дачнікаў і вяскоўцаў «Свая сотка», які будзе арганізоўваць юрыдычную абарону маёмасных і грамадзянскіх правоў мясцовага насельніцтва.

Андрэй Дзьмітрыеў распавёў:

«У нас была нефармальная спрэчка з прадстаўніком міліцыі. Я падараваў яму спасылку на руска-кітайскі размоўнік. Я сказаў, што калі так пойдзе,то хутка асноўнымі вашымі кліентамі будзем ня мы, а людзі, якія вас насамрэч ня будуць разумець. Мы вас таксама ўжо дрэнна разумеем, але хоць мова адна. Таксама мы паспрачаліся наконт рэфэрэндуму, які мы хацелі б правесьці, бо мы ўпэўненыя, што людзі выкажуцца супраць. Мы прапануем там зрабіць мясцовы рэфэрэндум і даведацца: а што думаюць людзі наконт будаўніцтва гэтага парку?

Ужо шмат зроблена, і ўжо ёсьць пэўныя пазытыўныя зьмены, што зямля ў людзей адбірацца ня будзе. І гэтага мы дамагаліся. І калі зараз працягваць у правільным кірунку, то мы можам дамагчыся яшчэ адной вельмі важнай рэчы: большай празрыстасьці пры будаўніцтве гэтага парку. Нават калі сёньня я размаўляў зь міліцыянтам, той казаў, што гэта ж будуць працоўныя месцы. Я спытаўся: а адкуль вы гэта ведаеце? Ці ёсьць у вас дакумэнтацыя? Ён сказаў,што гэтых дакумэнтаў у яго няма, але ён проста верыць у тое, што кажуць улады. Гэта самае галоўнае — дамагацца большай празрыстасьці ад уладаў».

Падчас сустрэчы кіраўнікоў дачных таварыстваў з адміністрацыяй Смалявіцкага раёну 12 красавіка затрымалі Міхаіла Пашкевіча, Андрэя Дзьмітрыева, Васіля Казлоўскага і Юрыя Ганчара.