Злотнікаў: «Гэта нейкая спроба не дапусьціць абвалу рубля»

Леанід Злотнікаў

Курс беларускага рубля адносна даляра і эўра за апошні тыдзень умацаваўся – адпаведна на 1,2% і 0,5%. Што гэта – пэўная тэндэнцыя ці толькі часовая зьява?
Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў тлумачыць:

«Стаўка рэфінансаваньня зьнізілася. І таму ў Нацбанку баяцца, што пачнецца ператок укладаў з рублёвых у валютныя. Каб гэтага не адбылося, курс даляра спэцыяльна ўтрымліваюць крыху ніжэйшым. Да таго ж сёлета крыху павялічыліся золатавалютныя рэзэрвы. І Нацбанк можа дазволіць сабе месяц-другі такую палітыку праводзіць.

А з другога боку, на гэты месяц-другі, максымум тры, Нацбанк забірае грашовую масу пад свае аблігацыі. То бок бяруцца грошы пад пэўны працэнт у камэрцыйных банкаў. І такім чынам „стэрылізуюць“ грашовую масу.

Але што далей? Усё роўна ж прыйдзецца вяртаць гэтыя грошы камэрцыйным банкам, ды яшчэ з працэнтамі. Мне падаецца, што гэта нейкая спроба перажыць два-тры бліжэйшыя месяцы, не дапусьціць абвалу рубля».