Рада бясьпекі ААН ухваліла рэзалюцыю па Сырыі

Танк сырыйскай арміі патрулюе вуліцы Дамаску 13 красавіка 2012. Паводле ўмоваў мірнага пляну, распрацаванага Кофі Ананам, сырыйскія войскі мелі пакінуць гарады

У Сырыю накіроўваюцца назіральнікі
Рада бясьпекі ААН адзінагалосна ўхваліла рэзалюцыю аб адпраўцы ў Сірыю першай групы вайсковых назіральнікаў для маніторынгу замірэньня паміж урадавымі сіламі і ўзброенымі паўстанцамі.

Каманда міжнароднага пасланца па Сірыі Кофі Анана паведамляе, што плянуецца спачатку накіраваць 10/12 назіральнікаў і амаль адразу ж павялічыць іх колькасьць да 30.

У ноч на суботу рэгулярная армія Сірыі абстраляла 2 цэнтральныя кварталы ў горадзе Хомс. Паводле актывістаў апазыцыі, адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі параненыя. Гэта быў першы абстрэл з часу замірэньня, якое набыло моц у чацьвер.

Замірэньне – галоўны пункт мірнага пляну Анана, нацэленага на спыненьне кровапралітнага канфлікту ў краіне, які за 13 месяцаў забраў жыцьці больш за дзевяці тысяч чалавек.