Пікеты ў падтрымку Сяргея Каваленкі

Заяўкі на пікеты пададзены ў Гомельскі гарвыканкаме на 1 траўня ля ДК «Фэстывальны» на Рэчыцкай шашы і ДК «Віпра» на вуліцы Юбілейнай.
Ініцыятар аднаго з пікетаў — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Традыцыйна 1 траўня лічыцца ня толькі днём працы, але й салідарнасьці, і я хачу быць салідарным з Каваленкам. Хачу зьвярнуць увагу грамадзкасьці на фізычны стан Сяргея і праблему палітзьняволеных у Беларусі».

Падобнымі матывамі кіруецца й другі заяўнік пікету — кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка.

Сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Пратэстуючы супроць перасьледу, вязень абвясьціў галадоўку, якую зь перапынкам у 20 дзён трымае зь сярэдзіны сьнежня.