Міліцыя ня будзе выплачваць актывісту кампэнсацыю за арышт

Уладзімер Няпомняшчых

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Ірына Кавалевіч 12 красавіка адхіліла пазоў грамадзкага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых да мясцовых міліцыянтаў.
Актывіст патрабаваў спагнаць з Цэнтральнага райаддзелу ўнутраных спраў 9 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды за незаконны арышт і фальшаваньне супраць яго адміністрацыйнай справы пра дробнае хуліганства.

Няпомняшчых: «На сёньня дамагчыся справядлівасьці нельга ні ў судах, ні ў міліцыі — усё пераварочваецца з ног на галаву. У нас проста няма незалежнага суду. Калі б быў незалежны суд, тут і разьбірацца не было б чаго. А зараз, калі б, напрыклад, суд спагнаў зь міліцыі грашовую кампэнсацыю, то пачала б развальвацца ўся сыстэма, якую выбудаваў Лукашэнка. Ніводзін супрацоўнік міліцыі ня стаў бы пасьля гэтага падманваць, беспадстаўна затрымліваць, даваць ілжывыя сьведчаньні. Таму ўлада й прыкрывае несумленных супрацоўнікаў міліцыі. Уладзе яны патрэбныя — для фальшаваньняў, ілжэсьведчаньняў, разборак з апазыцыянэрамі, якія маюць іншыя погляды на падзеі ў краіне».

Адмову ў кампэнсацыі маральнай шкоды судзьдзя Кавалевіч абгрунтавала тым, што Ўладзімер Няпомняшчых быў аштрафаваны пры канцы мінулага году паводле артыкула 23.34 — парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства, за што прадугледжаны таксама й адміністрацыйны арышт.

Такой жа пазыцыі трымаліся й прадстаўнікі міліцыі — Уладзіслаў Шукель і Валянціна Радзівонава. Аднак пратакол паводле артыкула 23.34 у дачыненьні да Няпомняшчых за расклейку налепак пра Народны сход быў складзены 8 кастрычніка, калі ён ужо быў у ізалятары.

Пра другі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства — дакладней, нібыта за брыдкую лаянку пры затрыманьні — Уладзімер даведаўся ў судзе, пасьля таго як яго прывезьлі з ізалятара. Пратакол аб дробным хуліганстве Няпомняшчых аспрэчыў праз суд — справу закрылі за недаказанасьцю віны актывіста. Таму й засталося для Уладзімера загадкай: а за што ён правёў у ізалятары амаль трое сутак?

Пастанову судзьдзі на адмову выплаты міліцыяй кампэнсацыі маральнай шкоды Ўладзімер Няпомняшчых зьбіраецца аспрэчыць у абласным судзе.