У Белаазёрску чакаюць слуханьняў пра шкодную вытворчасьць

Будаўніцтва заводу па вытворчасьці сьвінцу і сплаваў у Белаазёрску

Перапрацаваная дакумэнтацыя на будоўлю ў Белаазёрску заводу па вытворчасьці сьвінцу ў Міністэрства прыроды не дасылалася. Тым часам працы на заводзе не спыняюцца.
Пра гэта "Свабодзе«распавёў каардынатар руху «За свабоду» па Берасьцейшчыне Зьміцер Трацьцяк. Грамадзкі дзеяч атрымаў ліст зь Міністэрства прыроды, дзе паведамляецца, што раней камісія Мінпрыроды выявіла парушэньні ў праектнай дакумэнтацыі заводу.

«Ня зроблена ацэнка цяперашняга і прагнознага ўзроўню забруджваньня глебы цяжкімі мэталамі; адсутнічае праектнае рашэньне па арганізацыі няспыннага кантролю за выкідамі забруджвальных рэчываў у паветра; не прадстаўлена абгрунтаваньне выкідаў забруджвальных рэчываў, якія ўзьнікаюць на праектаванай вытворчасьці, не акрэсьленыя мерапрыемствы, якія забясьпечваюць паказчыкі выкідаў аксіду вугляродучакаюць».

Трацьцяку паведамілі, што пакуль выпраўленая праектная дакумэнтацыя ў міністэрства не дасылалася. Калі ж дакумэнтацыю выправяць, то Мінпрыроды не выключае правядзеньня новых грамадзкіх слуханьняў па пытаньні будаўніцтва гэтага заводу ў Белаазёрску.

Спадар Трацьцяк кажа, што такі адказ Міністэрства прыроды выклікае ў яго новыя пытаньні да мясцовых уладаў:

Зьміцер Трацьцяк

«Будаўніцтва працягваецца, мясцовыя ўлады гэтага не хаваюць. Пра гэта сьведчыць артыкул у бярозаўскай раёнцы, у якім карэспандэнт піша пра пэрспэктывы стварэньня новых працоўных месцаў. Так і напісана — завод знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва і мантажу абсталяваньня. Тут узьнікае пытаньне да мясцовай выканаўчай улады: пастанова камісіі Мінпрыроды не абавязковая? Чаму райвыканкам не кантралюе яе выкананьне? Ці паказчыкі па інвэстыцыях значна важнейшыя для чыноўнікаў, чым здароўе жыхароў Белаазёрску? Пытаньні ёсьць і да Савету дэпутатаў — чаму яны не абараняюць сваіх выбарцаў? Перакананы, што калі б Савет дэпутатаў быў дэмакратычны, такія пытаньні б не ўзьнікалі».

Спадар Трацьцяк кажа, што ўлады павінны зрабіць працэс будаўніцтва заводу па вытворчасьці сьвінцу больш празрыстым для грамадзкасьці. Актывіст кажа, што жыхары Белаазёрску будуць надалей дабівацца грамадзкіх слуханьняў пра будоўлю шкоднай вытворчасьці.

Плянаваны ў Белаазёрску завод па вытворчасьці сьвінцу павінен стаць адным з цыкляў вырабу ў Беларусі акумулятараў.