Бэнзін можа зноў падаражэць

На шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў зьявілася інфармацыя са спасылкай на крыніцы ў «Белнафтахіме» пра тое, што ад заўтра падаражэе аўтамабільнае паліва.
Магчымае павелічэньне коштаў паліва можа стаць другім у гэтым годзе. Раней бэнзін даражэў 14 сакавіка. Тады былі ўсталяваныя кошты, якія дзейнічаюць і цяпер: адзін літар бэнзіну АІ-95 — 6450 рублёў, АІ-92 — 6000, «Нармаль-80» — 5700, дызэльнага паліва — 6600. Калі чуткі спраўдзяцца, паліва падаражэе ў сярэднім на 300–320 рублёў.

На шэрагу менскіх заправак гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць. Прэсавы сакратар «Белнафтахіма» Марына Касьцючэнка паведаміла «Свабодзе», што да яе ніякія дакумэнты на гэты конт не паступалі.