Хакейны матчы Аўстрыя-Беларусь адбудзецца пры пустых трыбунах

Заплянаваны на 6 красавіка хакейны матч паміж зборнымі Аўстрыі і Беларусі, які выклікаў вялікую спрэчку паміж уладамі правінцыі Карынтыя і аўстрыйскай фэдэрацыяй хакею, усё ж адбудзецца ў прызначаны дзень у лядовым палацы гораду Філах, але пры пустых трыбунах.
Паводле прэзыдэнта нацыянальнай хакейнай фэдэрацыі Дытэра Кальта, такое рашэньне стала адзіна магчымым кампрамісам.

Прычынай спрэчак вакол міжнароднага матча 6 красавіка, які мае адбыцца ў рамках падрыхтоўкі да першынства сьвету 2012 году і быў загадзя зацьверджаны IIHF, сталі дата і месца яго правядзеньня.

Сёлета на 6 красавіка ў католікаў прыпадае Вялікая пятніца — дзень, калі Хрыста расьпялі на крыжы. Паводле законаў паўднёвааўстрыйскай правінцыі Карынтыя, у дзень расьпяцьця Хрыста, а таксама на Каляды тут забароненыя відовішчы, у тым ліку хакейныя матчы. Таму карынтыйскія ўлады рашуча настойвалі на адмене сустрэчы.

У сваю чаргу, Аўстрыйская нацыянальная фэдэрацыя хакею з шайбай заклікала ўладныя ды рэлігійныя колы зразумець і яе няпростую сытуацыю: перанесьці матч у іншае месца немагчыма, а калі аўстрыйская зборная не згуляе з сваімі беларускімі супернікамі ў загадзя заплянаваны час, яе далейшы ўдзел у чэмпіянаце сьвету стане праблематычным.

Ідучы насустрач заўзятарам, у тым ліку і зь іншых аўстрыйскіх правінцыяў, гульню будуць трансьляваць у жывым эфіры на канале ORF, а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу. Адвакаты нацыянальнай фэдэрацыі лічаць, што ні тэлетрансьляцыя, ні нават сама гульня, калі на ёй ня будзе публікі, не супярэчаць законам Карынтыі.