Лябедзка, Калякін і Атрошчанкаў падалі заявы ў міліцыю

Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Аляксандар Атрошчанкаў пасьля суду ў Воршы.

Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Аляксандар Атрошчанкаў, якіх затрымалі ўначы на 28 сакавіка ў Воршы, падалі ў міліцыю заявы пра тое, што супрацоўнікі міліцыі ў Воршы скралі іхныя пашпарты. Прычым у Лябедзькі забралі адразу два пашпарты.

Лябедзька: «29 сакавіка, у Воршы, калі нам вярталі нашыя асабістыя рэчы, мы высьветлілі адсутнасьць пашпартоў. Я меў два пашпарты на руках. Гэта звычайная справа, калі ў грамадзяніна ёсьць стары пашпарт зь дзеючымі візамі, і ён можа ім карыстацца. Так было і ў мяне. І гэтых пашпартоў не аказалася ў пераліку тых рэчаў, якія нам вярталі. Таму мы напісалі заяву на імя начальніка транспартнай міліцыі горада Воршы з указаньнем прозьвішча аднаго з супрацоўнікаў МУС, які можа мець дачыненьне да скраданьня нашых пашпартоў. У нас гэтыя заявы прынялі і зарэгістравалі. Зараз мы чакаем, калі нас праінфармуюць пра факт узбуджэньня крымінальнай справы».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандар Атрошчанкаў, якія знаходзяцца ў «сьпісе невыязных», кіраваліся ў Брусэль праз Маскву на цягніку «Менск — Масква». У Воршы іх зьнялі зь цягніка і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Кожнаму прысудзілі адміністратыўны штраф у памеры 350 тысяч беларускіх рублёў.