Эстонія дае 100 000 эўра для грамадзянскай супольнасьці Беларусі

Сьцягі ля будынку МЗС Эстоніі

«Сума невялікая, але пры правільным выкарыстаньні, мы ўпэўненыя, можна зрабіць шмат карыснага», — кажа амбасадар Эстоніі ў Беларусі Яак Ленсмэнт.
«Двухбаковая дапамога Эстоніі сканцэнтраваная перш за ўсё на шасьці дзяржавах Палітыкі суседзтва Эўрапейскага Зьвязу (Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова, Украіна, Беларусь) і на Аўганістане. Выбар намі краінаў-партнэраў абумоўлены перш за ўсё канкрэтнымі патрэбамі гэтых краінаў і дадатковымі дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, у разьвіцьці якіх Эстонія можа прапанаваць дапамогу гэтым краінам», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Эстоніі.

У інтэрвію «Свабодзе» Яак Ленсмэнт заявіў: «Праграмы дапамогі былі раней, але цяпер яе стала болей. Цяпер мы маем прыкладна ў два разы болей сродкаў для такіх праектаў, чым летась».

Спадар Ленсмэнт адзначае, што Эстонія будзе прапаноўваць праграмы для навучаньня студэнтаў, якія ня могуць атрымаць адукацыю ў Беларусі. «Мы таксама працягваем падтрымліваць ЭГУ. І па-ранейшаму лічыць, што гэта вельмі важна», — дадае амбасадар.

100 тысяч эўра пойдуць на «падтрымку грамадзянскай супольнасьці, разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў, умацаваньне ідэяў захаваньня правоў чалавека, — кажа спадар Лэнсмэнт. — Гэтыя задачы ня могуць існаваць адна без адной. І тое, што мы накіроўваем рэсурсы на адукацыю — гэта сродкі, а мэты адны і тыя ж: падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць».

Канкрэтны прыклад дапамогі — праца Цэнтру «Ўсходняга партнэрства». Ён пачаў дзейнічаць ад студзеня 2012 году. У Цэнтры навучаюцца прадстаўнікі краінаў «Усходняга Партнэрства» ЭЗ. У тым ліку і беларускія чыноўнікі.

Адказваючы на пытаньне, ці выпадкова, што пра праграму дапамогі на 2012 год абвясьцілі падчас дыпляматычнага канфлікту паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам, Яак Ленсмэнт запэўніў: «Гэта супадзеньне. Гэтая праграма была заплянаваная яшчэ летась. Такая дапамога плянуецца зыходзячы з памераў дзяржаўнага бюджэту, і на зацьвярджэньне сумаў ідзе багата часу».

Сродкі на супрацоўніцтва і гуманітарную дапамогу выдзяляюцца за кошт бюджэтаў Міністэрства замежных спраў і Міністэрства фінансаў Эстоніі. У 2010 годзе агулам было выдзелена 14 мільёнаў эўра, што складае 0,1% ад валавога нацыянальнага прадукту краіны. Да 2015 году памер дапамогі плянуецца падвысіць да 0,33% ад ВНП.