Баўгарыя адмовілася ад расейскай АЭС

Станцыя ў баўгарскім горадзе Белене

Баўгарскі прэм'ер-міністар Бойка Барысаў абвясьціў у сераду, што яго краіна канчаткова адмовілася ад плянаў пабудовы расейцамі другой атамнай электрастанцыі на рацэ Дунай.
Баўгарскі прэм'ер-міністар Бойка Барысаў абвясьціў у сераду, што яго краіна канчаткова адмовілася ад плянаў пабудовы расейцамі другой атамнай электрастанцыі на рацэ Дунай.

Баўгарыя і Расея падпісалі дамову пра будаўніцтва АЭС больш як пяць гадоў таму, аднак генэральны кантракт так і ня быў падпісаны.

Праект «Белене» прадугледжваў будаўніцтва АЭС з двума блёкамі сумарнай магутнасьцю да 2 тысяч мэгават. Генэральным падрадчыкам выступаў расейскі «Атомстройэкспорт». Паводле баўгарскага прэм’ера, краіна заплаціць за ўжо гатовы першы рэактар і ўстановіць яго да тых, што ўжо працуюць на першай і адзінай баўгарскай атамнай станцыі «Казладуй».

Асноўнай прычынай адмовы ад расейскага праекту баўгарскія ўлады называюць яго дарагоўлю – будаўніцтва магло б каштаваць каля 7 мільярдаў даляраў. Кіраўнік «Росатама» (куды ўваходзіць «Атомстройэкспорт») Сяргей Кірыенка заявіў, што сумняваецца ў мэтазгоднасьці ўстаноўкі рэактара на «Казладуй». Паводле яго, гэта зойме ад 5 да 7 гадоў.