Дзень Волі ў замежжы

Актывісты беларускай дыяспары ў розных краінах традыцыйна адзначаць гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
У Вільні гадавіне абвяшчэньня БНР прысьвечаны, фактычна, ўвесь тыдзень. У пятніцу 23 сакавіка у Цэнтральным архіве Літвы адбудзецца адкрыцьцё выставы «Невядомая БНР», у суботу – сьвяточны прыём ў гарадзкой ратушы, у нядзелю 25 сакавіка – ушанаваньне памяці заснавальнікаў БНР на могілках Росы.

У Бэльгіі беларусы 25 сакавіка ўскладуць кветкі да магілы сябра Рады БНР Янкі Жучкі, потым адбудзецца малебен за беларускі народ у Беларускай царкве ў Антвэрпане.

У ЗША ў Нью-Ёрку ў суботу, 24-га сакавіка, а 13:00 насупраць штаб-кватэры ААН адбудзецца мітынг, прысьвечаны Дню Волі.

У Таронта (Канада) Галоўная ўправа Згуртаваньня беларусаў Канады запрашае а 1-ай раніцы на сьвяточную імшу, пасьля якой адбудзецца абед і сумесны паход на вежу CN Tower.

У Лёндане сьвяткаваньне пачнецца а 14-ай гадзіне ў Беларускім доме (52 Penn Road). і супадзе з адзначэньнем 65-годзьдзя заснаваньня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі – адной з найстарэйшых арганізацый беларускай дыяспары.

У Празе 23 сакавіка на Альшанскіх могілках – ушанаваньне памяці Прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі і сьпявака Міхася Забэйды-Суміцкага. 25 сакавіка – Боская Літургія ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям'яна (Vysehradska 49, Prsaha 2), пасьля – сьвяточная імпрэза і прэзэнтацыя кнігі Уладзімера Арлова «Пакуль ляціць страла» з удзелам аўтара.

Больш падрабязна пра сьвяткаваньне Дня Волі ў беларускіх асяродках можна даведацца на сайце Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».