Астрыд Зам не пусьцілі ў Беларусь

Нямецкую дырэктарку менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў не пусьцілі ў Беларусь.
18 сакавіка ў нацыянальным аэрапорце Менск ёй патлумачылі, што яна знаходзіцца ў сьпісах неўязных, але не патлумачылі прычыну. Беларускія памежнікі анулявалі візу Астрыд Зам, якая дзейнічала да чэрвеня гэтага года. У 10 гадзінаў вечара Астрыд Зам мусіла вылецець у Рыгу.

У Беларусі Астрыд Зам мелася абмеркаваць пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай выставы па чарнобыльскай тэматыцы. А таксама 23 сакавіка правесьці разьвітальны вечар, бо яна пакідае пасаду дырэктара, якую займала цягам шасьці гадоў. Замест яе, паводле ўнутранай ратацыі, нямецкім дырэктарам IBB будзе Вольга Рэнш.