Турма з глянцам

Дзіўны атракцыён давялося мне аднойчы назіраць на сонечным востраве Іф у Міжземным моры.
Цягам доўгіх гадоў там знаходзілася дзяржаўная турма Францыі, дзе трымалі асабліва небясьпечных злачынцаў. А з 1926 году выспа-вязьніца Іф — выключна турыстычны аб’ект, і ўвішныя цеплаходзікі ледзь пасьпяваюць прывозіць-адвозіць усіх ахвотнікаў да экзотыкі. Дык вось — турысты гатовыя плаціць грошы за тое, каб пасядзець у тамтэйшай турме! На дзьвярах кожнай камэры — шыльдачка з надпісам: тут сядзеў граф Мірабо, там — польскі пасланьнік, а там — яшчэ нехта. Але найбольш жадаючых трапіць у камэру, дзе «сядзеў» Дантэс — не забойца Пушкіна, а выдуманы Дзюма герой славутага раману «Граф Монтэ-Крыста». Назіраючы за чаргой у турэмныя вязьні, я, па-першае, зьдзіўляўся прадпрымальнасьці французаў, якія пасьпяхова гандлююць няволяй, а, па-другое, усьцешана думаў пра незвычайную сілу мастацкага слова, якое літаратурных герояў ператварае ў герояў рэальных.

Наўрад ці ў агляднай будучыні турма беларускага КДБ стане музэем — яна працягвае заставацца запатрабаванай па сваім прамым прызначэньні. Але шыльдачкі на турэмных камэрах у ёй таксама глядзеліся б нядрэнна: тут чакала прысуду паэтка Ларыса Геніюш, тут сядзеў аўтар выдатнай кнігі «Люблю Беларусь» Павал Севярынец, тут трымаў сухую галадоўку паэт Славамір Адамовіч, тут пісаў свае «амэрыканскія вершы» кандыдат філялёгіі Аляксандар Фядута, тут паэт і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў стварыў сваю паэму «Турма»...



Стоп. Каля гэтай камэры з лічбачкай 9 на дзьвярах мы трохі затрымаемся. Бо тут была напісаная ня толькі згаданая паэма, але і цэлая, беспрэцэдэнтная ў гісторыі беларускай літаратуры, кніга «Лісты да Волі». Чаму беспрэцэдэнтная? Уявіце сабе тузаніну турэмнага жыцьця: частыя і нечаканыя выклікі на допыт, вобшукі-шмоны ў камэрах, цясноцьце і халадэча ў тых каменных мяшках, ізаляванасьць ад вонкавага сьвету... І вось, нягледзячы на ўсё гэта (і на ўсё астатняе), кожны дзень на паперы (у памяці?) натуецца верш.

Напісаў я «ўявіце сабе» і міжволі задумаўся — як нам тое ўявіць, ні разу не пабачыўшы? Як уявіць тое аўтару гэтых радкоў, чый арыштанцкі досьвед абмяжоўваецца дзьвюхгадзінным знаходжаньнем у адным са сталічных пастарункаў, хай сабе і з кайданкамі на руках? Мы ж не пабывалі ў той скуры, мы ж пра турму, па сутнасьці, нічога ня ведаем. І ўсё ж — мы ведаем пра яе шмат. Калі прачыталі кнігу «Лісты да Волі».

Штодзень — верш. 1 студзеня 2011 году — «Як плашчаніца, бел-чырвона-белы...». 2 студзеня — «Ня ўсё дарэмна, што дарэмна...». 3 студзеня — «Дождж, што ў сьнежні без патрэбы...». Можа быць, такім чынам для паэта пачаўся адлік часу, запрацаваў нейкі патаемны гадзіньнік — там, дзе час спыніўся, дзе блытаюцца ноч і дзень, дзе пад стольлю круглыя суткі гарыць лямпачка. Бо самае, відаць, няўтульнае адчуваньне, калі ты ў бясчасьсі. А найгорай, калі мы ўсе — у бясчасьсі. Хоць і на свабодзе. Але тут не пра гэта гаворка.

Паэт і турма — для беларускай рэчаіснасьці сюжэт далёка не арыгінальны. Сядзелі многія. І напісана ў турме нямала — дастаткова назваць «Новую зямлю» вязьня турмы яшчэ царскай Якуба Коласа ці «Пана Тадэвуша», перакладзенага вязьнем турмы польскай Браніславам Тарашкевічам. Але ніхто з беларускіх паэтаў не дасьледаваў турму так падрабязна, як тое зрабіў Уладзімер Някляеў. Ён не адпрэчыў турму, не самазамкнуўся ў ёй, а павёў зь ёю бясстрашны дуэлёг (дыялёг і дуэль адначасова). Атрымаўся псыхалягічна-паэтычны партрэт турмы.

Ён не адпрэчыў турму, не самазамкнуўся ў ёй, а павёў зь ёю бясстрашны дуэлёг

Спачатку някляеўская турма, як ёй і належыць, страхотліва бразгае жалезнымі засаўкамі, запалохвае рознымі ўласьцівымі ёй спосабамі. Думаю, шмат у каго з чытачоў перахапіла дыханьне там, дзе паэт апісвае, як трое нэрвовых турэмшчыкаў абвяшчаюць яго дзяржаўным злачынцам (25 гадоў альбо вышэйшая мера!), потым вядуць сутарэньнямі і ставяць тварам да сьцяны з падазронымі шчарбінамі... Пасьля такіх экспэрымэнтаў над паэтам неяк па-іншаму, з халадком па скуры, чытаюцца радкі: «І замірае камэра ў здранцьвеньні / на ўскрык нямы... / Тут некалі стралялі ў сутарэньні / такіх, як мы».

Потым турма і паэт узаемапрыручаюцца, і закручваецца такая ліхаманкавая драматургія, ад якой нават спрактыкаваны чытач можа забыць усю раней чытаную ім драматургію. Турма ажывае, спакушае паэта, і пад яе гарачыя нашэпты ўжо аніхто ня здольны разабрацца — дзе турма, дзе тая Воля, чый Дзень мы адзначаем 25 сакавіка, а дзе тая Воля, якая марознымі раніцамі стаяла на ганку КДБ з перадачамі для свайго мужа-паэта. Які для гэтага патройнага, перажытага з неверагоднымі жарсьцямі раману прыпісаў у канцы эпілёг, які нагадвае дыягназ, пастаўлены безнадзейна хвораму пацыенту: «Турма — ня сьцены. Для турмы / не камяні сабраны — мы».

Някляеўская Турма вартая энцыкляпэдыі літаратурных герояў, якая калі-небудзь зьявіцца і ў Беларусі. Турма, грымнуўшы жалезнымі дзьвярамі, увайшла ў літаратуру, а літаратура — далікатна так, на дыбачках, прашамацела ў турму. Прашамацела тым абрыўкам газэты, на якім паэт у прыбіральні прачытаў фантастычныя словы: «Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко». Прачытаў, каб у падзячным пасланьні ў адказ дапісаць вядомую паэтычную формулу свайго расейскага сябра: «Поэт в России больше, чем поэт — / и в Беларуси он ничуть не меньше».

Па ім турма плача. Па кім жа яна, суровая, плача? Прачытаўшы «Лісты да Волі», я зразумеў — Турма плача па сваім паэце. Бо наўрад ці хто калі-небудзь напіша пра яе з такім разуменьнем і любоўю, як тое зрабіў яе былы вязень Уладзімер Някляеў.

Пракраўшыся ў турму, літаратура не пакідала паэта і ў закратаваным варанку, у якім яго вазілі на высокі суд. Аўтару гэтых радкоў удалося папрысутнічаць на адным з судовых паседжаньняў, у дэкарацыі да якога напрошваліся то мрыеўскі «Самсон Самасуй», то купалаўскія «Тутэйшыя», то дуніна-марцінкевічаўская «Пінская шляхта». Невыпадкова ўрывак з апошняй гэтак трапна прагучаў у апошнім слове падсуднага, якое сталася і пасьляслоўем у кнізе «Лісты да Волі»: «Расьсьледавав дзела саабразна ўказу всеміласьцівейшага гасудара... сьвідзецелям, каторыя ня відзелі дракі, за то, што ня відзелі, а цем самым і не маглі разьняць дзерушчыхся, назначаецца па 5 лоз на дыване і па 5 рублёў штрафу в пользу врэменнага прысутствія». Пра што гэта? Пра Пінск у XIX стагодзьдзі, ці пра Мінск у стагодзьдзі XXI-м? І хто гэта гаворыць — самаўпэўнены станавы прыстаў Кручкоў, ці неўязная ў краіны Эўразьвязу судзьдзя, якой, у адрозьненьне ад яе падвойніка, падчас абвяшчэньня прысуду ўсё ж бракавала хрэстаматыйнага глянцу.

З хрэстаматыйным глянцам заўсёды так — яго бывае то густа, то пуста. Трохі загуста яго і ў аздабленьні кнігі «Лісты да Волі». Неяк трохі няёмка чытаць пра змрочнае турэмнае жыцьцё на глянцавай бліскучай паперы, спаміж пастановачных здымкаў аўтара, зробленых невядомым майстрам фотамадэльнай справы. Ды і той, хто даглянцоўваў кнігу перад яе сустрэчай з варштатам Скарыны, яўна перастараўся. Інакш як растлумачыць, што напісаныя пераважна ў 2011-м «Лісты...» «падпісаныя ў друк 19 сьнежня 2010 году». Гэткай датай у друк іх мог падпісаць хіба згаданы ўжо прыстаў Кручкоў.

Самы поўны (7 000 адзінак) беларускі слоўнік фразэалягізмаў падае толькі адзін устойлівы выраз са словам «турма». У кнізе «Лісты да Волі» іх набярэцца з ладны дзясятак — ёмкіх, дакладных, крылатых. А той адзіны, уключаны ў слоўнік, гучыць празь меру сэнтымэнтальна і загадкава: па ім турма плача. Па кім жа яна, суровая, плача? Прачытаўшы «Лісты да Волі», я зразумеў — па кім. Турма плача па сваім паэце. Бо наўрад ці хто калі-небудзь напіша пра яе з такім разуменьнем і любоўю, як тое зрабіў яе былы вязень Уладзімер Някляеў.