Лябедзька і Калякін вярнуліся ў Беларусь

Невыязныя лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін , а таксама старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, які пакуль не сутыкаўся зь перашкодамі на выезд з краіны, перасяклі польска-беларускую мяжу без асабістага дагляду з боку мытнікаў і памежнікаў.

Лябедзька: «Мы знайшлі магчымасьць выехаць за межы Беларусі, але назад вырашылі вяртацца напрасткі, праз польска-беларускую мяжу, „Варшаўскі мост“. У нядзелю ўначы мы прайшлі памежныя працэдуры як звычайныя грамадзяне Беларусі. Мытнікі праглядзелі і вярнулі нашы дакумэнты, безь вялікіх пытаньняў і без асабістага дагляду. Хаця было відаць, што яны ведалі, хто мы такія».

Каб даведацца, на якой падставе ён унесены ў сьпіс невыязных, Анатоль Лябедзька сёньня чарговы раз наведаў Аддзел грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага раёну. «Мне зноў не пашчасьціла, там не працуюць кампутары, нейкі вірус другі тыдзень нібыта блякуе гэтую сыстэму. Гэтую сытуацыю я магу ахарактарызаваць хіба як палітычную шызафрэнію», — заяўляе лідэр АГП.