Палітвязень Бандарэнка дагэтуль у турэмным шпіталі

Зьміцер Бандарэнка ў судзе

18 сакавіка Зьміцер Бандарэнка пазваніў дамоў з Магілёўскай калёніі. Паводле жонкі палітвязьня Вольгі, стан ягонага здароўя па-ранейшаму выклікае ў яе непакой.
«Лепш яму не становіцца, хаця ён ляжыць у мэдычнай частцы калёніі з канцы лютага. Акрамя артрозу адной нагі пачалося тое самае з другой, па-ранейшаму баліць сьпіна, трымаецца высокая тэмпэратура. Яму становіцца ўсё горш і відавочна, што гэтае лячэньне, якое яму аказваюць у калёніі, не дапамагае», — паведаміла Свабодзе Вольга Бандарэнка.

Летась у калёніі Зьміцер Бандарэнка перанёс апэрацыю на хрыбетніку, між тым адмысловая камісія, якая ужо двойчы аглядала вязьня, інваліднасьці яму гэтак і не дала. Перасоўваецца па калёніі Бандарэнка з дапамогай палкі, яму цяжка стаяць на рэгулярных шыхтаваньнях.