Людміла Гразнова: «Калісьці па тэракце будзе сапраўдны суд»

Людміла Гразнова

Вядомая праваабаронца Людміла Гразнова прысутнічала на большасьці пасяджэньняў працэсу над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, які праходзіў восеньню мінулага году ў Палацы правасудзьдзя. Яна гэтак пракамэнтавала для «Свабоды» адмову Аляксандра Лукашэнкі ў памілаваньні Канавалава і Кавалёва:
— Тое, што было на судзе, не зьяўлялася доказам вінаватасьці Канавалава і Кавалёва. Можна шмат казаць па ўсіх эпізодах, па ўсіх экспэртызах, сьведчаньнях, але самае галоўнае — іх не было там, у мэтро. Яны не прыносілі выбуховае прыстасаваньне і не ўзрывалі яго, яны яго не зьбіралі. Нічога гэтага, мяркую, не было даказана ў судзе. Аднак суд прыйшоў да іншай высновы на падставе сваіх меркаваньняў і прызнальных паказаньняў, якія далі Канавалаў і Кавалёў падчас сьледзтва. Як робяцца такія паказаньні, мы ўсе ведаем. Але гэта ўжо справа мінулая. Сёньня гаворка ідзе ўжо ня проста пра тое, што кожны чалавек у нас бездапаможны і можа трапіць пад гэты молат, можа быць цалкам раздушаны і не знайсьці ніякай абароны. Сёньня гаворка пра тое, што краіна становіцца ізгоем і губляе шанцы на эўрапейскую інтэграцыю. Гэта таксама вялікая палітыка, у якую аказаліся ўцягнутыя ў тым ліку і гэтыя два маладыя чалавекі, якіх хутка ня будзе.

— Атрымліваецца, што Беларусь не дачакалася разгляду скаргі Ўладзіслава Кавалёва ў камітэце правоў чалавека ААН, хаця раней абавязвалася адкладаць выкананьне прысудаў у падобных выпадках. На вашу думку, чаму так зроблена?

— Так, чарговы раз Беларусь ня выканала тое, што абавязвалася рабіць, і гэта сьведчыць ня толькі пра тое, што яна гэтак ігнаруе свае міжнародныя абавязкі. Гэта сьведчыць пра тое, што нехта вельмі сьпяшаецца, каб адрэзаць Беларусь ад Брусэлю, ад Эўропы. Гэта самая важная прычына. У ёй трэба шукаць адказы.

— Паводле рашэньня суду большасьць рэчавых доказаў пасьля выкананьня прысуду будзе зьнішчаная. Навошта, як вы мяркуеце?

— Канечне, гэта сьведчыць пра тое, што тыя, хто датычны да гэтага злачынства, да гэтага выбуху, яны хаваюць канцы ў ваду, хаваюць доказы, яны спадзяюцца пазьбегнуць адказнасьці. Але, мяркую, ім ня ўдасца застацца ўбаку. Бо шмат чаго ведаюць людзі, шмат чаго ёсьць у інтэрнэце, ёсьць сьведкі і калісьці будзе сапраўдны суд.